Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забірайце да сябе, вязіце іх туды». Лукашэнка пракамэнтаваў заклік Трампа вызваліць 1300 зьняволеных

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Тэма вызваленьня вязьняў, паводле Лукашэнкі, закраналася ў яго тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, але вельмі сьцісла.

Пра палітвязьняў

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пасьля заклікаў Дональда Трампа выпусьціць 1300 беларускіх вязьняў выказаўся на гэтую тэму. У інтэрвію журналістам дзяржаўных СМІ ў Менску ён расказаў аб працы са зваротамі асуджаных.

Паводле БелТА Лукашэнка паведаміў Трампу, што ў Беларусі ёсьць спэцыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты асуджаных, але канкрэтныя рашэньні прымае асабіста ён, і гэтая праца вядзецца на пастаяннай аснове.

Што да пазыцыі ЗША ў гэтым пытаньні і ліку асобаў, якіх трэба вызваліць, то тут Лукашэнка заявіў:

«Хочаце паўтары або дзьве тысячы? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разьлічваць на тое, што мы бандытаў выпусьцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць. Яны зноў супраць нас будуць вайну весьці? Тут мяне грамадзтва не падтрымае», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Пра Трампа-міратворца

Трамп «здорава адыграў сваю ролю пасярэдніка» ў перамовах з Уладзімірам Путным па праблеме ўсталяваньня міру ва Ўкраіне, лічыць Лукашэнка.

Ён не падзяляе пункт гледжаньня, што кіраўнік Белага дому прайграў па выніках перамоваў на Алясцы 15 жніўня. На думку Лукашэнкі, канкрэтных дамоўленасьцей там не магло быць, паколькі сустракаліся «не бакі канфлікту, а толькі адзін з бакоў», а прэзыдэнт ЗША «выступаў у якасьці пасярэдніка, каб даведацца пра пазыцыю Расеі» і «з гэтай роляй выдатна справіўся».

Пра нобэлеўскую прэмію для Трампа

Аляксандр Лукашэнка таксама ацаніў шанцы Дональда Трампа на Нобэлеўскую прэмію міру, перадае БелТА.

«Чалавек хоча Нобэлеўскую прэмію (калі гэта так) — ну і на здароўе, няхай атрымлівае! Што для нас у гэтым дрэннага? Калі трэба падтрымаць (Трампу трэба), то, напэўна, ён гэтага заслугоўвае».

Лукашэнка таксама сказаў, што «Трамп не такі, якім яго паказваюць, ён чалавек, які разумее, і настроены на мір, ён за шэсьць месяцаў перадухіліў некалькі войнаў».

8 жніўня стала вядома, што Лукашэнка назваў Трампа балбатуном у інтэрвію журналісту амэрыканскага выданьня Time Сайману Шустэру і заявіў, што прэзыдэнту ЗША «было б архікарысна» зь ім сустрэцца.

Чаго хоча Трамп ад Лукашэнкі

15 жніўня Дональд Трамп заявіў, што пагутарыў па тэлнефоне з Лукашэнкам і абмеркаваў вызваленьне вязьняў. Пра гэта Трамп напісаў у сацыяльнай сетцы Truth Social. Ён зазначыў тады, што ў яго адбылася «цудоўная размова» з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, зь якім Трамп абмеркаваў вызваленьне 1300 беларускіх вязьняў.

«У мяне адбылася цудоўная размова з паважаным прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Мэтай званка было выказаць яму падзяку за вызваленьне 16 зьняволеных. Мы таксама абмяркоўваем вызваленьне яшчэ 1300 вязьняў. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэмаў, у тым ліку візыт прэзыдэнта Пуціна на Аляску. З нецярплівасьцю чакаю сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам у будучыні. Дзякую вам за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў Дональд Трамп.

Новы допіс амэрыканскі прэзыдэнт апублікаваў у сацыяльнай сетцы Truth 17 жніўня. У ёй ён назваў Лукашэнку «магутным лідэрам» і выказаў спадзеў, што неўзабаве 1300 беларускіх вязьняў будуць выпушчаныя з турмаў.

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру Вясна, у Беларусі на цяперашні момант у Беларусі палітычнымі зьняволенымі зьяўляюцца 1197 чалавек.

Шмат хто з палітзьняволеных за кратамі зазнае ціску, ім ставяць у віну розныя парушэньні, адпраўляюць у штрафныя ізалятары, пазбаўляюць права на спатканьні, сазвоны і ліставаньне з сваякамі.

Што Лукашэнка адказаў на прапанову дыялёгу

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што не зьбіраецца садзіцца за круглы стол са сваімі апанэнтамі. Аб гэтым ён заявіў, адказваючы на пытаньні дзяржаўных СМІ:

«Цяпер жадаюць сесьці за стол перамоваў. Ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен сядаць за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну а якая карысьць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памагатыя. А па брудзе хадзіць — можна брудам замазацца. Навошта мне гэта? Гэта мне не патрэбна. Мы нікому не забараняем размаўляць, калі ласка. Але мне зь імі няма пра што гаварыць», — цытуе словы Лукашэнкі БеаТА.

У ліпені 2025 дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі распавёў, што падчас візыту ў ЗША сустрэўся з намесьнікам дарадцы па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША і прадставіў амэрыканскаму боку ідэю Офіса Ціханоўскай па арганізацыі міжнароднага круглага стала для перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Пазьней па выніках канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Аб’яднаны пераходны кабінэт прыняў заяву аб правядзеньні нацыянальнага дыялёгу для мірнага ўрэгуляваньня крызісу ў краіне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG