На 21 жніўня 2025 году праваабаронцам вядома ня менш чым пра 191 палітвязьня ў сытуацыі асаблівай рызыкі.
Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, гэта непаўналетнія на момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі на прымусовым псыхіятрычным лекаваньні ў закрытых установах.
Таксама ў гэты лік уваходзяць палітвязьні, якіх дыскрымінуюць розным чынам: стан інкамунікада, зьняволеныя, якіх не выпускаюць з-за кратаў, нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакараньня скончыўся.
За кратамі прынамсі 72 чалавекі маюць цяжкі стан фізычнага здароўя, 9 чалавек маюць інваліднасьць, 27 чалавек, старэйшых за 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы здароўя), а таксама 9 чалавек з мэнтальнымі разладамі.
Сярод палітзьняволеных — 39 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, ў якіх абодва бацькі за кратамі.
Найстарэйшы з палітвязьняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, накіраваны на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі за «абразу Лукашэнкі».
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка з гэтай нагоды заявіў:
«Пасьля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі рабілі захады, якія стваралі для палітзьняволеных умовы, якія набліжаюцца да ўзроўню катавальных, а часта дасягаюць яго. Ці варта казаць пра тое, што пакуты, якія прычыняюцца такім стаўленьнем, шматкроць узмацняліся, калі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі рабіліся людзі з інваліднасьцю, цяжкімі або хранічнымі захворваньнямі? Якімі б ні былі прычыны такога стаўленьня, яно забароненае і мае быць неадкладна спынена, а вінаватыя мусяць панесьці адказнасьць».
Паводле Сапелкі, мінімальныя стандартныя правілы ААН у абыходжаньні са зьняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) патрабуюць, каб зьняволеных, якія не нясуць крымінальнай адказнасьці або ў якіх пазьней дыягнаставалі сурʼёзныя псыхічныя захворваньні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжаньне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэньне іх стану, не трымалі ў турэмных установах.
«Гаворачы пра палітвязьняў, мы, праваабаронцы, працягваем патрабаваць іх безумоўнага вызваленьня, спыненьня перасьледу або перагляду іхных справаў. Разам з тым мы асабліва падкрэсьліваем: для тых зь іх, хто з прычыны стану здароўя і цяжкіх захворваньняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыцьцё ў сувязі з гэтым пастаўленае ў небясьпеку, вызваленьне ня можа быць прадметам уладных маніпуляцыяў, палітычных дыскусіяў і інсынуацыяў», — заявіў Павал Сапелка.
Форум