Памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў, стваральнік хіта «Фантазёр».
На 79-м годзе жыцьця памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў. Пра гэта на яго афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку паведаміла яго ўдава Ірына:
«Сёньня раніцай ня стала Яраслава, нашага каханага Фантазёра! Дзякуй вам, дарагія гледачы, слухачы за любоў да творчасьці вялікага артыста, за ўвагу і аплядысмэнты! Дзякуй, дарагія падпісанты, за добрыя словы і пажаданьні, якія вельмі падтрымлівалі Яраслава, давалі сілы і веру, што прасьпявана шмат прыгожых песень і жыцьцё пражыта не дарма! З павагай і падзякай, Ірына», — напісала ўдава народнага артыста Беларусі.
Еўдакімаў апошнім часам лячыўся ад анкалягічнага захворваньня.
Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў расейскі Нарыльск.
Дзяцінства Яраслаў правёў у дзеда ў вёсцы Корысьць у Ровенскай вобласьці. Музычную кар'еру пачаў у Днепрапятроўску, сьпяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там сама пазнаёміўся з другой жонкай, якая была беларускай. Адтуль пачалася сувязь артыста зь Беларусьсю. Пасьля шлюбу пара пераехала ў Менск.
У 1987 годзе Яраслаў Еўдакімаў стаў народным артыстам БССР. Пазьней ён неаднаразова выказваўся супраць Лукашэнкі.
На выбарах 2001 году ў Беларусі ён падтрымаў апазыцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму давялося зьехаць у Расею.
У 2023 годзе ў некалькіх гарадах Расеі скасавалі ягоныя канцэрты. Перад гэтым сьпявак, які нарадзіўся ва Ўкраіне, выказаўся супраць вайны і ўсклаў адказнасьць за яе на Ўладзіміра Пуціна і «крамлёўскую гоп-кампанію».
«Украінцы ім гэтага не даруюць», — сказаў ён тады.
Тады ж у Карэліі адмянілі канцэрт Еўдакімава за тое, што ён крытыкаваў Пуціна і вайну на Данбасе ў сваім інтэрвію, у якім ён асуджае акупацыю Крыма і пазытыўна ацэньвае Ўкраіну за выбар «эўрапейскага шляху».