Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 жніўня: у Гомлі за ўдзел у пратэстах асудзілі брата палітвязьня

абноўлена

Суд у Гомлі, архіўнае фота
Суд у Гомлі, архіўнае фота

У Беларусі штодня адбываюцца затрыманьні і арышты, зьвязаныя з пратэставымі настроямі і выказваньнямі.

Праваабаронцы прызналі яшчэ 10 чалавек палітвязьнямі.

Іх асудзілі на рэальныя тэрміны за ўдзел у ініцыятывах, якія ўлады абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

  • Вольга Аляшкевіч
  • Уладзімер Дзенісенка
  • Дзяніс Васільеў
  • Максім Грытчанка
  • Аляксей Мацукевіч
  • Ігар Нагорны
  • Тацьцяна Палубок
  • Сяргей Сікорскі
  • Ігар Хіневіч
  • Ганна Шпак

Праваабаронцы адзначаюць: прызнаньне ўладамі грамадзкіх і мэдыйных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» стала інструмэнтам масавых рэпрэсій і пазбаўленьня волі, піша «Вясна».

Цяпер у Беларусі 1197 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы.

У Менску за «здраду дзяржаве» асудзілі 60-гадовага праграміста

У траўні 2025-га Менскі абласны суд прысудзіў Дзьмітрыя Басько да 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 21 тысячу рублёў і пазбаўленьня вайсковага званьня «лейтэнант у адстаўцы». Прысуд уступіў у сілу 22 чэрвеня, але стала вядома пра яго толькі цяпер, паведаміла «Вясна».

Басько жыў у Менску, працаваў праграмістам і выкладаў у БДУ. Пасьля сыходу многіх ІТ-кампаній заставаўся без працы, ня зьехаў, бо даглядаў маці (яна памерла падчас сьледзтва).

Яго затрымалі 9 студзеня 2024 году, год трымалі ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА-1. Суд прайшоў у закрытым рэжыме, абвінавачаньне — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Сутнасьць абвінавачаньняў і ягоная пазыцыя невядомыя.

Цяпер Басько этапавалі ў шклоўскую калёнію № 17.

Пэнсіянэрку з Рэчыцы асудзілі за выказваньне пра Лукашэнку

Суд Рэчыцкага раёна асудзіў 60-гадовую жыхарку раённага цэнтра Натальлю Ішмукову паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Сутнасьць абвінавачваньняў праваабаронцам «Вясны» невядомая, як і вынесены прысуд. Вядома толькі, што ён не зьвязаны з пазбаўленьнем волі.

Вядома, што Натальля Ішмукова жыве ў Рэчыцы. Яна выгадавала дваіх сыноў.

У Гомлі за ўдзел у пратэстах асудзілі брата палітвязьня

36-гадовага жыхара Гомля Вячаслава Бераставога асудзілі ў судзе Савецкага раёна горада паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша «Вясна».

Вядома, што яго пакараньне зьвязанае з пазбаўленьнем волі, дакладны тэрмін невядомы.

Вячаслаў — родны брат палітвязьняАндрэя Бераставога, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).

Улады абнавілі рэпрэсіўныя сьпісы

У «сьпісе тэрарыстаў» — 4 новыя прозьвішчы

  • Васіль Бачко
  • Максім Грытчанка
  • Сяргей Хлыстоў
  • Марына Мазоўка

Цяпер у гэтым сьпісе ўжо 1326 чалавек, зь іх 630 беларусы.

У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 42 чалавекі.

Зь іх 35 — паводле «пратэставага» крымінальнага артыкулу № 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Агулам у «сьпісе экстрэмістаў» цяпер 5663 чалавекі.

У сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў улады Беларусі дадалі 2 праекты

«Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека».

Паводле сілавікоў, да ініцыятывы маюць дачыненьне Дзьмітры Лаеўскі, Натальля Мацкевіч, Тацьцяна Лішанкова, Марыя Колесава-Гудзіліна, Уладзімер Пыльчанка, Дзьмітры Лепрэтар.

Праект «BelVarta». Паводле сілавікоў, да ініцыятывы маюць дачыненьне Дыяна Германовіч і Сяргей Бяспалаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG