Разьвітанне з народным артыстам Беларусі Яраславам Еўдакімавым пройдзе ў Менску. Пра гэта расейскаму агенцтву ТАСС паведаміла ўдава артыста Ірына Крапіўніцкая.
Паводле ТАСС, Еўдакімаў хварэў на рак лёгкіх. Ён лячыўся і памёр у Менску ў пятніцу, 22 жніўня 2025 году.
«Разьвітаньне будзе ў Менску», — сказала Ірына Крапіўніцкая.
Паводле рэсурсу reform. news, які спасылаецца на дырэктарка артыста Натальлю Тарабан, сьпявак хварэў на анкалёгію апошнія паўтара года. Ён сышоў ва ўзросьце 78 гадоў.
Яраслаў Еўдакімаў быў выканаўцам вядомых песень «Поле памяці», «Міласэрнасьць», «Майскі вальс», «Фантазёр», «Між двух агнёў», «Зачараваная мая».
Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў расейскі Нарыльск.
Дзяцінства Яраслаў правёў у дзеда ў вёсцы Корысьць у Ровенскай вобласьці. Музычную кар'еру пачаў у Днепрапятроўску, сьпяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там сама пазнаёміўся з другой жонкай, якая была беларускай. Адтуль пачалася сувязь артыста зь Беларусьсю. Пасьля шлюбу пара пераехала ў Менск.
У 1987 годзе Яраслаў Еўдакімаў стаў народным артыстам БССР. Пазьней ён неаднаразова выказваўся супраць Лукашэнкі.
На выбарах 2001 году ў Беларусі ён падтрымаў апазыцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму давялося зьехаць у Расею. Там у 2006 годзе ён атрымаў заньне Заслужанага артыста РФ,
У 2023 годзе ў некалькіх гарадах Расеі скасавалі ягоныя канцэрты. Перад гэтым сьпявак, які нарадзіўся ва Ўкраіне, выказаўся супраць вайны і ўсклаў адказнасьць за яе на Ўладзіміра Пуціна і «крамлёўскую гоп-кампанію».
«Украінцы ім гэтага не даруюць», — сказаў ён тады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр беларускі сьпявак Яраслаў Еўдакімаў, які ў 2001 годзе падтрымаў апазыцыю і эміграваў