Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньні дзяржаўных СМІ, заявіў, што не зьбіраецца садзіцца за круглы стол са сваімі апанэнтамі.
«Цяпер жадаюць сесьці за стол перамоваў. Ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен сядаць за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну а якая карысьць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памагатыя. А па брудзе хадзіць — можна брудам замазацца. Навошта мне гэта? Гэта мне не патрэбна. Мы нікому не забараняем размаўляць, калі ласка. Але мне зь імі няма пра што гаварыць».
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павел Латушка ў сваім Тэлеграм-канале наступным чынам пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі:
«Лукашэнка стварыў крызіс у краіне, разьвязаў у Беларусі самыя масавыя рэпрэсіі ў сучаснай гісторыі Эўропы, якія прымусілі пакінуць краіну сотні тысяч грамадзян, гатовых бараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны. Менавіта пры Лукашэнку Беларусь уцягнутая ў вайну супраць Украіны, а краіна зьдзейсьніла акт агрэсіі супраць суседняй дзяржавы... Адмова ад Круглага стала — шлях на пагаршэньне крызісу ў краіне, які прывядзе да страты сувэрэнітэту і незалежнасьці і адказнасьць за гэта нясе Лукашэнка... Наша мэта — сувэрэнная, незалежная і дэмакратычная Беларусь. Мы робім усё магчымае, каб Беларусь не была крыніцай пагрозы ў рэгіёне і не залежала ад сваіх суседзяў. Рэжыму прапанаваная формула вырашэньня крызісу ў краіне і выратаваньня яе сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Таксама сёньня Павел Латушка і сьпікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан правялі сустрэчы з амбасадарамі і часовымі паверанымі Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Фінляндыі, акрэдытаванымі ў Варшаве, — з прадстаўнікамі ўсіх краін, кіраўнікі якіх прымалі ўдзел у сустрэчы ў Вашынгтоне разам з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Падчас сустрэчы Павел Латушка і Арцём Брухан перадалі эўрапейскім партнэрам пазыцыю Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту пра важнасьць уліку сытуацыі ў Беларусі з пункту гледжаньня будучых гарантый бясьпекі на ўсходзе Эўропы.
У паведамленьні АПК сьцьвярджаецца, што яго пазыцыя была перададзена ўкраінскаму боку. Таксама ў найбліжэйшы час заплянаваная сустрэча з амэрыканскімі дыпляматамі.
У сваёй пазыцыі Кабінэт выказвае падтрымку падыходу кіраўнікоў ЭЗ, які адпавядае інтарэсам як Украіны, так і Эўрапейскага Зьвязу ў справе спыненьня вайны, разьвязанай Расеяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.
Кабінэт акцэнтуе ўвагу на тым, што без вырашэньня беларускага пытаньня немагчыма забясьпечыць усёабдымныя гарантыі бясьпекі як для Украіны, так і для дзяржаў-чальцоў ЭЗ.
- Паводле праваабаронцаў «Вясны», цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1184 палітвязьні. Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў больш — 1315 чалавек. Розныя ініцыятывы могуць выкарыстоўваць розныя крытэры ацэнкі.