Зяленскі: Расея робіць усё, каб сарваць сустрэчу з Пуціным

Уладзімір Зяленскі падчас прэсавай канфэрэнцыі з Маркам Рутэ 22 жніўня

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў пятніцу заявіў, што Расея «робіць усё», каб сарваць сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, на якой настойвае прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Сваю заяву Зяленскі зрабіў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве падчас візыту генэральнага сакратара NATO Марка Рутэ, перадае «Укрінформ».

Кіраўнік Украіны таксама заклікаў краіны Захаду ўзмацніць санкцыі супраць Расеі. Ён адзначыў, што з абмеркаваў з Маркам Рутэ магчымасьць гарантый бясьпекі на ўзор 5-га артыкулу аб калектыўнай абароне Паўночнаатлянтычнай дамовы.

Паводле кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, Уладзімір Пуцін «гатовы сустрэцца, калі ў гэтай сустрэчы сапраўды будзе парадак дня». Пад гэтым у Маскве, як мяркуецца, разумеюць неабходнасьць дасягнуць дамоўленасьцяў па ўсіх пунктах мірнага пагадненьня яшчэ да пачатку саміту.

Крыніцы агенцтва Reuters паведамілі, што патрабаваньні Масквы ўключаюць:

  • адмову Ўкраіны ад уступленьня ў NATO;
  • абяцаньне NATO спыніць пашырэньне на ўсход;
  • абмежаваньні для ўкраінскага войска,
  • забарону на разьмяшчэньне заходніх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны,
  • вывад украінскіх войскаў з усёй тэрыторыі Данецкай вобласьці.

Тады Масква згодзіцца на «замарозку» фронту ў Хэрсонскай і Запароскай абласьцях, прычым падае гэта як саступку.

Украіна таксама згодная на замарозку фронту і адмову ад вяртаньня тэрыторый сілай, але патрабуе гарантый бясьпекі, уключаючы магчымае разьмяшчэньне ў краіне заходніх вайскоўцаў.

Абмеркаваньні магчымага мірнага пагадненьня вядуцца на фоне працягу баявых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаляк: Украіна гатовая да «замарожваньня» канфлікту па лініі фронту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзеі тыдня: Беларускі Нобэль для Трампа. Сэрбскія «кашалькі» Лукашэнкі. Беларусаў не пускаюць у ЭЗ?