Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп: Джо Байдэн не дазволіў Украіне даць адпор Расеі


Дональд Трамп 18 жніўня 2025 году
Дональд Трамп 18 жніўня 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў новы допіс у сваёй сацсетцы True Social, у якім згадаў вайну Расеі з Украінай і адзначыў, што яго папярэднік Джо Байдэн не дазволіў Кіеву атакаваць краіну-захопніка.

«Вельмі цяжка, калі не немагчыма, выйграць вайну, не атакуючы краіну-захопніка. Як калі б вялікай спартовай камандзе, у якой фантастычная абарона, не дазвалялі гуляць у нападзе. Няма шанцаў на перамогу! Так і з Украінай і Расеяй. Бессумленны і жудасна некампэтэнтны Джо Байдэн не дазволіў Украіне даць адпор, а толькі дазволіў абараняцца. І што з гэтага выйшла? Нягледзячы на гэта, гэтая вайна ніколі б не здарылася, калі б я быў прэзыдэнтам — НУЛЬ ШАНЦАЎ. Наперадзе цікавыя часы!!!» — напісаў Трамп.

Падрабязнасьцяў прэзыдэнт ЗША не прывёў.

Пазьней Трамп апублікаваў каляж з фатаграфіяў сваёй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Алясцы і сустрэчы віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана і старшыні Савету міністраў СССР Мікіты Хрушчова на амэрыканскай выставе ў Маскве ў 1959 годзе — так званыя «Кухонныя дэбаты».

Камэнтароў прэзыдэнт ЗША да гэтага допісу не дадаў. Канец 1950-х гадоў лічыцца пэрыядам пацяпленьня адносінаў паміж ЗША і СССР.

Допіс Трампа апублікаваны на фоне паведамленьняў аб магчымых перамовах прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзіміра Пуціна і Ўладзіміра Зяленскага.

Пра пляны арганізаваць перамовы, якія сталі б для Пуціна і Зяленскага першай вочнай сустрэчай з 2021 году, Трамп абʼявіў у панядзелак — неўзабаве пасьля сустрэчы ў Белым доме зь Зяленскім, лідэрамі Эўразьвязу і генэральным сакратаром НАТО. Крыніцы заходніх СМІ сьцьвярджалі, што Пуцін даў згоду на прапанову Трампа. Афіцыйнага пацьверджаньня Крамля пакуль не было. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў, што для саміту прэзыдэнтаў патрэбная падрыхтоўка.

У сваю чаргу крыніцы The Guardian паведамілі, што Трамп пакінуў спробы арганізаваць сустрэчу Зяленскага і Пуціна. Прэзыдэнт ЗША, паводле словаў суразмоўцаў выданьня, вырашыў, што прадстаўнікі Масквы і Кіева павінны самі заняцца арганізацыяй прамых перамоваў.

Ці адбудзецца сама сустрэча, пры гэтым застаецца незразумелым, падкрэсьлівае The Guardian.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG