Падзеі тыдня: Беларускі Нобэль для Трампа. Сэрбскія «кашалькі» Лукашэнкі. Беларусаў не пускаюць у ЭЗ?

Палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман, Дональд Трамп, браты Карычы, Лукашэнка, візыт прэзыдэнта Ірану. Ілюстрацыйны каляж

Чаму зьнялі санкцыі з кампаній Dana Holdings, зьвязаных зь Беларусьсю? Адкуль узялася лічба 1300 палітвязьняў, якую агучыў Трамп і колькі іх насамрэч? Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам?

Ці своечасовы візыт прэзыдэнта Ірана ў Беларусь? Чым зарабляе Купалаўскі тэатар і як жывуць яго былыя зоркі? Чаму трэба прачытаць культавы літоўскі раман «Silva rerum» пра часы ВКЛ, які выйшаў у выдавецтве «Vesna» па-беларуску ў перакладзе Сяргея Шупы? У эфіры «ПіКа Свабоды» абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня з гісторыкам і палітолягам Аляксандрам Фрыдманам.

Глядзець размову на відэа цалкам



0:00 — Чаму зьнялі санкцыі з кампаній Dana Holdings, зьвязаных з Лукашэнкам

3:20 — Ці Трамп заклікаў Лукашэнку вызваліць палітвязьняў дзеля Нобэлеўскай прэміі

14:10 — Якія сапраўдныя мэты візыту іранскага прэзыдэнта ў Беларусь

22:40 — Якія шанцы, што Менск можа стаць месцам для мірных перамоваў

24:48 — Адкуль зьявілася лічба 1300 беларускіх палітвязьняў

31:35 — Каляпс на мяжы Беларусі з Эўразьвязам

37:02 — Што стала з купалаўскім тэатрам за пяць гадоў

41:14 — Чаму трэба прачытаць раман “Silva rerum” пра часы ВКЛ, які выйшаў па-беларуску


Тут фрагмэнты гутаркі

— На гэтым тыдні дзевятнаццаць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі падпісалі адкрыты ліст, у якім заклікалі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа працягваць ціск, каб дамагчыся вызваленьня да 1300 чалавек, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі з палітычных матываў. Сярод падпісантаў — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Оскар Арыяс, ляўрэаты ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і Герта Мюлер, а таксама 16 ляўрэатаў прэмій у фізыцы, хіміі, мэдыцыне і эканоміцы. Ці мог бы намінаваць на Нобэлеўскую прэмію міра прэзыдэнта ЗША нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, калі б у выніку ініцыятывы Трампа Лукашэнка вызваліў бы 1300 палітвязьняў?

— Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Гэта зьвязана з тым, як спадар Бяляцкі ставіцца да прэзыдэнта Трампа і да ягонай палітыкі. Але такія крокі я магу сябе ўявіць. У сьвеце хапае людзей, якія вылучаюць Трампа на Нобэлеўскую прэмію. Іншая справа, наколькі гэта падвышае ягоныя шансы. Зараз розныя экспэрты разважаюць, у якой ступені могуць розныя палітыкі паўплываць на рашэньне Нарвэскага Нобэлеўскага камітэта, які вылучае кандыдатаў і ў рэшце прымае рашэньне аб тым, хто атрымае гэтую прэмію. Прынамсі тое, што я чытаў, уплыў палітыкаў ацэньваецца як досыць абмежаваны. Іншая справа, калі ідзе прапанова з боку Нобэлеўскіх ляўрэатаў, калі яны падтрымліваюць пэўную кандыдатуру. У выпадку з Трампам — вельмі спрэчную кандыдатуру, але ўсё ж такія шансы ёсьць. Але пакуль не выглядае, што рашэньне можа быць прынята на карысьць Трампа. Калі яно будзе прынята, яно выкліча моцныя пратэсты, яно будзе супярэчлівым. Таму прымаць гэтае рашэньне Нобэлеўскаму камітэту будзе цяжка, таму што гэта будзе выразна палітычнае рашэньне.

— Спадар Аляксандар, ці жаданьне атрымаць Нобэлеўскую прэмію міра было адной з прычынаў, чаму Трамп заклікаў Лукашэнку вызваліць 1300 беларускіх вязьняў?

— Я думаю, што гэта адыгрывае вельмі важную ролю. Я ўпэўнены, што калі Бяляцкі будзе вызвалены, ён будзе запрошаны, і Трампам гэта будзе прадстаўлена як трыюмф, што ніхто ня мог выцягнуць Нобэлеўскага ляўрэата з турмы, а ў Трампа гэта атрымалася. Можна прывесьці гістарычны прыклад, магчыма, ён адыграе пэўную ролю. Гэта гісторыя кітайскага дысыдэнта, нобэлеўскага ляўрэата Лю Сяобо, які знаходзіўся ў Кітаі за кратамі. Заходнія лідэры, Злучаныя Штаты, эўрапейцы прыкладалі вельмі сур’ёзныя намаганьні, каб кітайцы выпусьцілі Лю на волю. Ён быў вельмі хворы чалавек, у дрэнным стане, ён у рэшце памёр у турэмным шпіталі. Яны сапраўды вялі перамовы з кітайцамі, каб гэтага дысыдэнта выпусьцілі. Кітай гэта не зрабіў. І тое, што ў Злучаных Штатах не хапіла ўплыву, каб даціснуць Кітай, прадэманстравала таксама абмежаваныя магчымасьці Злучаных Штатаў.

Я думаю, што Трамп, безумоўна, калі ў яго атрымаецца, выкарыстае гэты выпадак і скажа: «Вось глядзіце, у мінулыя часы быў Нобэлеўскі ляўрэат, які памёр за кратамі, і мы не змаглі яго выцягнуць. А зараз зноў Злучаныя Штаты — вялікая краіна, мы здолелі гэта зрабіць. Вось глядзіце, вызвалены ня толькі адзін Нобэлеўскі ляўрэат, а яшчэ 1300 чалавек. І ўсё гэта толькі выключна з дапамогай прэзыдэнта Трампа». Ён захапіўся. Я ня думаю, што яго так ужо асабліва цікавіць лёс беларускіх палітзьняволеных, гэта не ягоная тэматыка, ён не змагар за правы чалавека і за свабоды, але як чалавек, які разумее, як працуе гэтая камунікацыя, ён бачыць выдатны шанец прадставіць гэта як перамогу. Тым больш, што пакуль, асабліва на ўсходне-эўрапейскім, расейска-украінскім кірунку, яму няма чым ганарыцца. Посьпехаў вялізных там няма. А вось вызваліць беларускіх палітзьняволеных — гэта ў пэўным сэнсе будзе таксама посьпех, а яшчэ і Нобэлеўскага ляўрэата.

— Калі ў гэты момант адбываецца пэўная падрыхтоўка для таго, каб вызваляць палітзьняволеных... Вядома, што Ціханоўскага каля тыдня больш кармілі, нейкія іньекцыі рабілі. І калі ўлады думаюць пра тое, што Дональд Трамп можа захацець сустрэцца з Алесем Бяляцкім пасьля вызваленьня, то зь ім таксама спрабуюць праводзіць пэўныя перамовы. Мы ведаем Алеся Бяляцкага, ягоныя перакананьні, ягоны Нобэлеўскі зварот, калі ён заклікаў да прымірэньня ў Беларусі. Як вы мяркуеце, як гэты працэс можа зараз адбывацца ў Менску?

— Я магу сябе ўявіць, што ідзе праца па старой савецкай традыцыі, калі прымалася рашэньне палітбюро пра тое, што нейкаму знакамітаму савецкаму дысыдэнту будзе дазволена пакінуць Савецкі Саюз. Яны ведалі, што гэта выкліча ўвагу заходняй прэсы, што гэта будзе палітычнай тэмай. Той жа прэзыдэнт Рэйган вельмі часта сустракаўся з савецкімі дысыдэнтамі. І Масква не хацела, каб у гэтым кантэксьце паказвалі савецкіх палітычных вязьняў у жахлівым стане і потым казалі: «У іх у Савецкім Саюзе нічога не зьмянілася. У іх як быў ГУЛАГ, так ГУЛАГ і застаўся». Таму яны працавалі з гэтымі людзьмі псыхалягічна, імкнуліся паўплываць на іх паводзіны ў вольным сьвеце, прыкладалі намаганьні для таго, каб яны фізычна выглядалі больш-менш. У беларускім выпадку, відавочна, гэта яны і спрабавалі рабіць з Юрасём Зяньковічам, тое ж самае рабілі зь Сяргеем Ціханоўскім.

Іншая справа, што час абмежаваны. Шмат часу няма. Трамп згадаў гэтую тэму беларускіх палітзьняволеных на мінулым тыдні ў пятніцу і ў нядзелю зноў паўтарыў. Рэакцыя беларускага боку была вельмі стрыманай. Лукашэнка амаль тыдзень не рабіў ніякіх камэнтароў датычна заяваў Трампа. А сёньня адрэагаваў. З майго пункту гледжаньня гэта зьвязана з тым, што канчатковае рашэньне ён яшчэ не прыняў. Ён чакае, як будуць нейкія перамовы паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Калі ён аддасьць палітзьняволеных, асабліва знакамітых палітзьняволеных, больш такога рэсурса ў яго ўжо не будзе. Таму ён паводзіць сябе вельмі марудна. Калі рашэньне пра вызваленьне ўсё ж прынята канчаткова, то Лукашэнку таксама патрэбны пэўны
час, каб прывесьці палітзьняволеных у больш-менш адэкватны стан.

Сёньня заявіў, што прынцыпова не выключае, што людзі будуць вызвалены, але падкрэсьліў пры гэтым, што на тэрыторыі Беларусі ніхто не застанецца. Гэта паказвае ,што ён у гэтым накірунку разважае, што гэтыя людзі пакінуць Беларусь, і трэба зрабіць усё, каб яны выехалі не ў самым жахлівым стане, каб адразу не пачаліся размовы пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забірайце да сябе, вязіце іх туды». Лукашэнка пракамэнтаваў заклік Трампа вызваліць 1300 зьняволеных

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.