Лукашэнка хоча аднавіць супрацу з Кітаем у будаўніцтве ракет, а «Палянэз» узброіць ядзернымі боегалоўкамі

Беларуская рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз» на вучэньнях 1 красавіка 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду, каб абмеркаваць разьвіцьцё беларускага ракетабудаўніцтва з улікам «формаў і мэтадаў вядзеньня баявых дзеяньняў у сучасных умовах».

«Як і бесьпілётная авіяцыя, гэтая галіна адносна маладая для вайскова-прамысловага комплексу, стваралі мы яе літаральна з нуля. Чагосьці дасягнулі, нешта ў нас не атрымалася і не атрымліваецца. Як і ў іншых сэктарах эканомікі, мы дзейнічаем максымальна эфэктыўна, зыходзячы з фінансавых рэсурсаў, якія маем», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Пры гэтым Лукашэнка асобна зьвярнуў увагу на тое, што вызначыцца з разьвіцьцём ракетабудаўніцтва важна менавіта цяпер.

«Гэта важна яшчэ і ў сувязі з маім візытам у Кітайскую Народную Рэспубліку і размовай з старшынём КНР Сі Цзіньпінам, у нас такая сустрэча плянуецца. Чаму? Таму што пачыналі мы або працягвалі ракетабудаўніцтва ў цеснай сувязі з кітайскім вайскова-прамысловым комплексам, і цяпер маем кантакты», — сказаў Лукашэнка.

Пасьля нарады дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч заявіў журналістам, што цяпер разглядаюць магчымасьць аснашчэньня комплексаў «Палянэз» ядзернымі боегалоўкамі.

«Сёньня гэта найбольш сучасны комплекс. Далёкасьць ракеты была 200 кілямэтраў, сёньня гэта ракеты 300 кілямэтраў. Гэта высокадакладная зброя. Вядома ж, любая зброя патрабуе карэкціроўкі, унясеньня зьменаў. Пытаньні ўжо ставяцца аснашчэньня гэтых ракет ядзернымі боегалоўкамі. І як інтэграваць тэхналёгіі „Арэшніка“, магчыма, у нейкія ракеты супольныя. Як супольна ўжо з расейскім бокам карэкціраваць і працаваць у гэтым кірунку, ствараючы сучасную ракету», — працытавала Аляксандра Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі нагадаў, што ракетны комплекс «Палянэз» быў створаны супольна з Кітаем, а пазьней яго мадэрнізавалі на беларускіх прадпрыемствах.

«Мы глядзім, як нашы суседзі, заходнія краіны, амэрыканцы ствараюць аналягічныя комплексы з далёкасьць 600 і больш кілямэтраў. Вядома ж, трэба пасьпяваць і ісьці ў гэтым кірунку», — сказаў Вальфовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі раскрыў пляны вытворчасьці ракет «Флямінга», якія могуць ляцець на 3000 кілямэтраў

Гэтую ідэю ён патлумачыў «дынамікай ваенных пагроз», і павелічэньнем расходаў на абарону з боку заходніх краін і заявіў, што Беларусь нікому не пагражае.

«Але тое, што тычыцца абароны нашай дзяржавы, нацыянальных інтарэсаў і народу, — прыярытэт. Пытаньні, зьвязаныя з павелічэньнем нашай магутнасьці, нашай абароназдольнасьці, вельмі важныя. На першы плян, напэўна, выходзяць пытаньні стратэгічнага стрыманьня», — сказаў Вальфовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завяршылі выпрабаваньні «першай айчыннай кіраванай ракеты»

У 2016 годзе ў Беларусі стварылі ракетную сыстэму залпавага агню «Палянэз» і разам з кітайскімі спэцыялістамі распрацавалі для яе ракеты A200 і A300, якія дасягалі цэляў за 200 кілямэтраў. Пазьней беларускія адмыслоўцы мадэрнізавалі іх і павялічылі далёкасьць дзеяньня да 300 кілямэтраў.

У 2024 годзе Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі цяпер самастойна вырабляюць як самыя комплексы «Палянэз», так і боепрыпасы для іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы на расейскім палігоне вучацца страляць на 300 кілямэтраў з рэактыўнай сыстэмы «Палянэз-М»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Войска Азэрбайджану абстрэльвае Карабах беларускімі «Палянэзамі»