Лідэр КНДР узнагародзіў жаўнераў, якія ваявалі на баку Расеі супраць Украіны

На адным з фота, апублікаваных дзяржаўным паўночнакарэйскім СМІ, Кім Чэн Ын абдымае салдата, які вярнуўся з вайны супраць Украіны

Як паведаміла ЦТАК, дзяржаўнае СМІ Паўночнай Карэі, на цырымоніі ў Пхеньяне на сцэне выставілі партрэты загінулых жаўнераў. На адным з фота, апублікаваных ЦТАК, Кім абдымае вайскоўца, які вярнуўся з расейскай вайны.

The Wall Street Journal зьвярнуў увагу на тое, што на цырымоніі ўзнагароджаньня было больш за 10 высокапастаўленых камандзіраў, якія ўдзельнічалі ў вайне Расеі з Украінай.

Выданьне ня выключыла магчымасьць таго, што іх зноў перадысьлякуюць у Расею, хоць іхны ад’езд адбудзецца на тле спаду баявых дзеяньняў з удзелам сіл КНДР у апошнія месяцы.

У чэрвені паўднёвакарэйская выведная служба выказала меркаваньне, што КНДР, імаверна, адправіць дадатковыя войскі для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны.

Шматбаковая група па маніторынгу санкцый, у якую ўваходзяць 11 краін, абнародавала ў канцы траўня справаздачу, у якой адзначыла, што Паўночная Карэя зь верасьня 2023 году паставіла Расеі больш за 20 тысяч кантэйнэраў з боепрыпасамі, чым падтрымала расейскія ўдары па Ўкраіне, у тым ліку па крытычнай важнай інфраструктуры.

Пхеньян і Масква, якія ў лістападзе 2024 году ратыфікавалі дагавор пра ўсёабдымнае стратэгічнае партнэрства, зьняпраўджваюць пастаўкі зброі, аднак у красавіку КНДР пацьвердзіла ўдзел паўночнакарэйскіх войскаў у баявых дзеяньнях супраць украінскіх сіл у Курскай вобласьці Расеі.

Выведка Вялікай Брытаніі 15 чэрвеня адзначыла, што паўночнакарэйскія войскі, найбольш імаверна, страцілі больш за 6 тысяч сваіх жаўнераў баявых апэрацыях супраць украінскіх войскаў у Курскай вобласьці. Гэта амаль палавіна ад той колькасьці, якую ўлады КНДР перакінулі ў Расею. Найчасьцей называлі агульную лічбу ў 11 тысяч чалавек.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у сваёй справаздачы ў ліпені заяўляў, што Расея і Паўночная Карэя, падобна, спрабуюць выкарыстаць больш прыхаваныя шляхі, напрыклад, праз працоўную міграцыю, празь якія грамадзяне КНДР змогуць трапіць у шэрагі расейскай арміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дэлегацыя ў КНДР падпісала пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы і наведала «вежу Чучхэ»