Міністарка абароны Чэхіі: «Найлепшай гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны магло б стаць сяброўства ў NATO і ЭЗ»

Міністарка абароны Чэхіі Яна Чэрнахава 21 жніўня 2025 году

Яна Чэрнахава адзначыла, што цяпер запыту на адпраўку войскаў ва Ўкраіну «на стале няма», таму абмеркаваньне гэтага зьяўляецца заўчасным.

Чэхія разгледзіць магчымасьць накіраваньня міратворчых войскаў ва Ўкраіну, калі такое рашэньне ня будзе пагражаць жыцьцю жаўнераў. Пра гэта сказала міністарка абароны краіны Яна Чэрнахова, размаўляючы з журналістамі пасьля цырымоніі ўшанаваньня 57-й гадавіны ўварваньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.

Чэрнахава ўдакладніла, што Прага гатовая накіраваць войскі ва Ўкраіну ў межах сумесных намаганьняў эўрапейскіх краінаў пасьля ўсталяваньня міру.

«Зразумела, на дадзены момант ніхто з нас ня хоча адпраўляць жаўнераў ва Ўкраіну, бо гэта азначала б эскаляцыю канфлікту. Але ёсьць дзяржавы-сябры, і Чэская Рэспубліка ёсьць адной зь іх, якія кажуць, што калі спыненьне агню будзе ўсталяванае нейкай дамовай, такім чынам, што будзе ўпэўненасьць у тым, што... сытуацыя там сапраўды будзе вырашаная безь ніводнага стрэлу і бяз рызыкі для жыцьця нашых жаўнераў — у той момант мы будзем гатовыя належным чынам абмеркаваць гэтыя мандаты ў нашым заканадаўчым органе», — сказала міністарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі настойваюць на ўдзеле ў гарантыях бясьпекі для Ўкраіны. У Кіеве адказалі

Чыноўніца таксама адзначыла, што на дадзены момант запыту на адпраўку войскаў ва Ўкраіну «на стале няма», таму абмеркаваньне гэтага зьяўляецца заўчасным.

«Што тычыцца любых гарантыяў бясьпекі, я не схаваю ад вас, што я крыху скептычна да гэтага стаўлюся, бо не магу ўявіць, якімі б гэтыя гарантыі мелі быць на дадзены момант. У мінулым Украіна мела гарантыі ў межах Будапэшцкага мэмарандуму, Менскіх пагадненьняў, і гэтыя гарантыі, на жаль, апынуліся нікім ня выкананымі... На Грузію напалі, на Ўкраіну напалі, Крым скралі. Нічога з гэтага, на жаль, не заахвоціла дзяржаўных дзеячоў, ці то эўрапейскіх, ці ў межах NATO, зрабіць нейкі крок», — сказала міністарка.

Чэрнахава выказала ўпэўненасьць, што найлепшай гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны магло б стаць сяброўства ў NATO і Эўразьвязе, але гэта немагчыма бяз згоды ўсіх краінаў-сябраў.

«Дональд Трамп на дадзены момант сказаў выразнае „не“, але я ўсё яшчэ веру і не губляю надзеі, што з часам мы можам перайсьці да гэтага кроку», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Фонду абароны дэмакратый: Пуцін хоча атрымаць за сталом перамоваў тое, чаго ня змог дамагчыся за тры гады вайной

Раней прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэлу інтэрвію чэскай агенцыі ČTK заявіў, што калі на тэрыторыі Ўкраіны будуць разьмешчаныя міратворчыя сілы, то Чэхія магла б і павінна была б быць іх часткай, бо зьяўляецца актыўным гульцом у мірным працэсе і падтрымлівае Ўкраіну ад самага пачатку расейскага ўварваньня.

Гарантыі бясьпекі для Кіева зьяўляюцца ключавым пытаньнем у намаганьнях спыніць вайну. Іх абмеркаваньне стала больш актыўным пасьля сустрэчы ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і эўрапейскімі калегамі ў Вашынгтоне.

Паводле СМІ, у рамках так званай кааліцыі ахвотных, Вялікабрытанія прапанавала разгарнуць зьнішчальнікі Typhoon на захадзе Ўкраіны і брыгаду на тры-пяць тысяч вайскоўцаў для навучаньня ўкраінскага войска. Францыя, Канада і Аўстралія таксама маглі б накіраваць войскі на захад Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва і Эстонія заявілі пра гатоўнасьць адправіць сваіх міратворцаў ва Ўкраіну