Пракуратура ФРГ паведаміла, што ў Італіі затрымалі падазраванага ў падрыве газаправодаў «Паўночны паток»

Газ, які выходзіць з узарваных «Паўночных патокаў», верасень 2022 году

У Італіі затрымалі грамадзяніна Ўкраіны, які падазраецца ў Нямеччыне ў датычнасьці да дывэрсіі на газаправодах «Паўночны паток» у верасьні 2022 года.

Пра гэта 21 жніўня паведаміла Фэдэральная пракуратура Нямеччыны, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Як заяўляе ведамства, грамадзянін Украіны па імені Сяргей К. быў затрыманы ў правінцыі Рыміні італьянскімі карабінэрамі ў супрацоўніцтве з Інтэрполам на падставе эўрапейскага ордэру на арышт, выдадзенага сьледчым судзьдзём Фэдэральнага суду ў Нямеччыне 18 жніўня 2025 года.

Абвінавачаны падазраецца ў саўдзеле ў арганізацыі выбуху, сабатажы і разбурэньні збудаваньняў.

Як сьцьвярджаецца ў ордэры на арышт, падазраваны нібыта ўваходзіў у групу асоб, якія заклалі выбуховыя прыстасаваньні на газаправодах «Паўночны паток-1» і «Паўночны паток-2» у раёне вострава Барнгольм у верасьні 2022 года, і быў адным з каардынатараў апэрацыі. Ён і яго саўдзельнікі, як сьцьвярджаецца, выкарыстоўвалі яхту, арандаваную ў нямецкай кампаніі праз пасярэднікаў па падробленых дакумэнтах. Выбуховае прыстасаваньне спрацавала 26 верасьня 2022 года. У выніку выбухаў абодва газаправоды атрымалі сур’ёзныя пашкоджаньні — разбураны тры ніткі з чатырох.

У Нямеччыне чакаюць экстрадыцыі падазраванага зь Італіі. Іншыя падрабязнасьці не падаюцца.

Аб затрыманьні грамадзяніна Украіны ў Італіі паведаміў таксама часопіс Spiegel. Гаворка ідзе пра першае затрыманьне па гэтай справе.

Раней паведамлялася, што нямецкая пракуратура не знайшла сувязяў падазраваных зь дзяржаўнымі структурамі Ўкраіны. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў адмаўлялі дачыненьне ўкраінскіх уладаў да выбухаў.

На пачатку 2024 году Данія і Швэцыя, у чыіх эканамічных зонах адбыўся падрыў газаправодаў, спынілі свае расьсьледаваньні здарэньня.

Расея ў расьсьледаваньні ня ўдзельнічае. Масква ўскладае адказнасьць за тое, што здарылася, на ЗША, Вялікую Брытанію і Ўкраіну. Тыя сваё дачыненьне адмаўляюць. «Паўночныя патокі» аднаўленьню не падлягаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times паведаміла, што Ўкраіна нібыта стаяла за падрывамі «Паўночных патокаў». У Кіеве абверглі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне выдалі ордэр на арышт украінца за падрыў «Паўночных патокаў»