Прэзыдэнт Латвіі праінспэктаваў мяжу зь Беларусьсю і заклікаў пашырыць памежную зону

Эдгарс Рынкевічс на ўсходняй мяжы Латвіі 19 жніўня 2025 году

Прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс 19 жніўня наведаў усходнюю мяжу краіны, каб ацаніць, як яе ўмацавалі. Сярод іншага ён заехаў на сутык межаў Латвіі, Беларусі і Расеі, а таксама закрыты памежны пункт Сіленэ на мяжы зь Беларусьсю.

Ён сказаў, што задаволены тым, што плот на мяжы зь Беларусьсю дабудавалі, але адзначыў, што «гэта не панацэя»: «патрэбныя сыстэмы і памежнікі», — перадае Delfi.

Паводле Рынкевічса, стан мяжы кардынальна зьмяніўся за апошнія два гады. Акрамя плоту, на найбольш небясьпечных участках усталяваныя супрацьтанкавыя «зубы цмока», надаўбні і выкапаныя равы.

Адной з праблемаў, пра якую казаў Рынкевічс, сталася высяканьне лесу гаспадарамі ўчасткаў на памежжы. Вайскоўцы, якія разьлічвалі на гэтыя лясы ў абаронных плянах, мусяць іх перарабляць.

Эдгарс Рынкевічс на ўсходняй мяжы Латвіі 19 жніўня 2025 году

Таму Рынкевічс заклікаў парлямэнт хутчэй прыняць новы закон, які дазволіць пашырыць памежную зону і выкарыстоўваць неабходныя для абароны ўчасткі, нават калі яны знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці.

Рынкевічс таксама асьцерагаецца, каб заплянаваная пэнсійная рэформа не пагоршыла ўмовы для вайскоўцаў, вынікам чаго можа стаць дэфіцыт кваліфікаваных кадраў.

Што тычыцца сытуацыі зь нелегальнымі мігрантамі, кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы ахарактарызаваў яе прэзыдэнту як «стабільна напружаную».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сёлета затрымалі крыху больш як тысячу нелегальных мігрантаў. На межах Беларусі і ЭЗ — у 30 разоў больш
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скарачэньня рэйсаў у Літву падаражэлі аўтобусныя квіткі. А на чарзе новая забарона — з Латвіі