У Вугоршчыне заявілі аб аднаўленьні паставак нафты з Расеі нафтаправодам «Дружба», які ідзе і празь Беларусь

Участак трубаправоду «Дружба», архіўнае фота

Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта абвясьціў аб аднаўленьні паставак нафты ў яго краіну з Расеі нафтаправодам «Дружба», які раней быў пашкоджаны ў выніку ўкраінскай атакі.

«Пастаўкі нафты ў Вугоршчыну нафтаправодам „Дружба“ адноўленыя пасьля нападу Ўкраіны два дні таму... Мы чакаем, што Ўкраіна больш ня будзе атакаваць гэты жыцьцёва важны нафтаправод. Гэта ня наша вайна. Вугоршчына павінна заставацца ў баку», — напісаў Пэтэр Сіярта ў сацыяльнай сетцы X позна ўвечары 19 жніўня, падзякаваўшы расейскаму боку за «хуткі рамонт».

Камандуючы ўкраінскімі сіламі бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі 18 жніўня заявіў, што ўдар па нафтапампавальнай станцыі «Нікольскае» ў Тамбоўскай вобласьці Расеі на няпэўны тэрмін спыніў працу нафтаправоду «Дружба», які пастаўляе расейскую нафту праз Украіну ў Славаччыну і Вугоршчыну.

Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта абвінаваціў Украіну ў «нападзе на энэргетычную бясьпеку» яго краіны. Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга у адказ на гэта нагадаў калегу, што Вугоршчына доўгімі гадамі сыстэматычна падтрымлівала сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі, нягледзячы на даўнія папярэджаньні аб тым, што Масква ня ёсьць надзейным партнэрам.

Эўрапейская камісія заявіла, што ня мае дастатковай інфармацыі пра атаку на нафтаправод «Дружба», які пастаўляе нафту ў Вугоршчыну і Славаччыну, але ня лічыць гэта рызыкай для энергазабесьпячэньня ЭЗ.

Нафтаправод «Дружба». Каляж Украінскай службы Радыё Свабода

Хоць Узброеным сілам Украіны ўдалося пашкодзіць помпавую станцыю нафтаправоду, расейскі ўчастак «Дружбы» складае 3900 кілямэтраў, на якіх дзейнічаюць 46 такіх станцыяў, таму зусім спыніць рух нафты трубаправодам, пашкодзіўшы адну зь іх, ня ўдасца.

Беларускі апэратар нафтаправоду «Дружба» — кампанія «Гомельтранснафта» — не заяўляла аб праблемах з дастаўкай нафты на два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Як заявіў Reform.news экспэрт iSANS, беларускія НПЗ маюць дзесяцідзённы запас нафты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына і Славаччына заблякавалі прыняцьце новых санкцый супраць Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад сустрэчай Пуціна з Трампам Расея не спыняе абстрэлы Ўкраіны. Кіеў адказаў сваімі ўдарамі