Даты дня
106 гадоў таму, 20 жніўня 1919 году, памёр Іван Луцкевіч, беларускі археоляг, публіцыст, палітык, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Іван Луцкевіч
34 гады таму, 20 жніўня 1991 году, болей за 100 000 чалавек выйшлі да будынку Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве, пратэстуючы супраць змоўнікаў, якія жадалі скінуць Міхаіла Гарбачова. У Менску ў гэты дзень перад Домам ураду на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ адбыўся мітынг пратэсту супраць утворанага путчыстамі ў Маскве Дзяржаўнага камітэту надзвычайнага становішча (ГКЧП).
Зянон Пазьняк і Лявон Баршчэўскі на мітынгу супраць ГКЧП, жнівень 1991 г.
Таксама ў гэты дзень
1896 — запатэнтаваны тэлефон з наборным дыскам.
1937 — польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Таварыства беларускай асьветы.
1968 — войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну.
1991 — Эстонія абвяшчае сваю незалежнасьць ад СССР.
1998 — найвышэйшы суд Канады адмовіў Квэбэку ў незалежнасьці.
2020 — У Крамлі заявілі, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1742 — Тадэвуш Рэйтан, удзельнік Барскай канфэдэрацыі, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай.
Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. Карціна Яна Матэйкі.
1847 — Баляслаў Прус, польскі пісьменьнік.
1860 — Раймон Пуанкарэ, францускі дзяржаўны дзяяч, прэзыдэнт Францыі ў 1913–1920 гадах.
1954 — Ігар Чаквін, беларускі гісторык, этнограф.
У памяці
1506 — Аляксандар Ягелончык, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.
1938 — Уладзімер Пракулевіч, юрыст, журналіст, палітык, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., палітэмігрант, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1940 — Леў Троцкі, расейскі рэвалюцыянэр, адзін з арганізатараў рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, забіты ў Мэксыцы агентам НКВД.
1991 — Баляслаў Грабінскі, доктар мэдыцыны, беларускі грамадзкі дзяяч.
2011 — Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.
Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 г.